КАНФЕДЭРА́ЦКІ СУД,

суд у Рэчы Паспалітай у 17—18 ст., які ствараўся канфедэрацыямі замест дзярж. судоў як сродак у барацьбе з паліт. праціўнікамі. На Беларусі К.с. былі створаны Таргавіцкай канфедэрацыяй. Дзейнічалі ў Браславе, Віцебску, Ваўкавыску, Лідзе, Мінску, Оршы, Полацку, Рэчыцы, Слоніме, Слуцку і інш. Разглядалі справы аб крымінальных злачынствах супраць дзяржавы і дзеяннях асоб супраць канфедэрацыі, а таксама справы аб даўгах, зборах дзярж. чыншу. Суддзі (консулы) выбіраліся канфедэратамі, старшынёй суда, як правіла, быў маршалак канфедэрацыі ў адпаведным павеце. К.с. прымалі да разгляду справы ў тым выпадку, калі хоць бы адным з бакоў выступаў шляхціц. Працэдура суда была аналагічная працэдуры земскага суда. Прыгаворы (выракі) прымаліся тайным галасаваннем. Апеляцыі маглі падавацца ў суд Ген. канфедэрацыі. К.с. меў права ажыццяўляць прыгавор з дапамогай войска. Скасаваны разам з Ген. канфедэрацыяй Гродзенскім сеймам 15.9.1793.

В.​С.​Пазднякоў.

т. 8, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)